БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ ЭКАНО́МІЯ,
Берасцейскае староства, феад. каралеўская гаспадарка ў ВКЛ у 16—18 ст. Створана ў 1598 з дзярж. маёнткаў, даходы якіх ішлі на ўтрыманне каралеўскага двара, у т. л. мястэчак Дзівін, Ламазы, Пяшчатка, Воін, Мілейчыцы. У 16—17 ст. была асобнай адм.-гасп. адзінкай, маёнткі яе здаваліся ў арэнду. У пач. 18 ст. аб’яднана з Кобрынскай эканоміяй. У 1783 у Берасцейскай эканоміі 45 ключоў, 8 гарадоў, 223 вёскі, 5745 валок зямлі (1 валока — 21,36 га), нас. 47 тыс. чал., уключала таксама Белавежскую пушчу. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1795) землі Берасцейскай эканоміі ўрад падараваў ці прадаў прыватным асобам.
т. 3, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)